Яўген Харлампіевіч Чыкаленка
Яўген Харлампіевіч Чыкаленка | |
---|---|
Род дзейнасці | публіцыст, выдавец, грамадскі дзеяч, мецэнат, аграном |
Дата нараджэння | 9 (21) снежня 1861 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 чэрвеня 1929[1] (67 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Жонка | Марыя Віктараўна Чыкаленка[d] |
Дзеці | Леў Яўгенавіч Чыкаленка[d] і Ганна Яўгенаўна Келер-Чыкаленка[d] |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Яўген Харлампіевіч Чыкаленка (укр.: Євге́н Харла́мпійович Чикале́нко; 9 снежня 1861 года — 20 чэрвеня 1929 года) — украінскі грамадскі дзеяч, мецэнат, аграном, выдавец і публіцыст. Адзін з ініцыятараў склікання Украінскай Цэнтральнай Рады.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў вёсцы Перашоры (цяпер Падзільскі раён Адэскай вобласці Украіны) у сям'і сакратара Ананьеўскага акруговага суда. Яго дзед служыў афіцэрам Бугскага казацкага войска. Маці паходзіла са шляхецкага роду Краеўскіх. З 1875 па 1881 год вучыўся ў Елісаветградскім рэальным вучылішчы. Адукацыю атрымаў у Харкаўскім універсітэце, дзе быў ва ўкраінскай студэнцкай суполцы і ў радыкальным гуртку, за што быў арыштаваны (1884) і правёў 5 гадоў пад наглядам паліцыі ў роднай вёсцы. На той момант бацька ўжо памёр. Так Яўген Чыкаленка пачаў самастойна кіраваць радавой сядзібай. У гэты час ён эксперыментуе як аграном, нават у засушлівыя гады дабіваецца на сваіх палях добрага ўраджаю. Напісаў і выдаў практычныя парады па сельскай гаспадарцы: «Гутаркі па сельскай гаспадарцы» ў 5 кнігах (Адэса, 1897), пазней — Пецярбург (1910—1912), якія выйшлі паўмільённым накладам і былі своеасаблівай папулярнай энцыклапедыяй.
У 1894 годзе пераехаў у Адэсу, а ў 1900 годзе ў Кіеў, дзе ўключыўся ў грамадскае жыццё. Быў мецэнатам розных ініцыятыў: на яго грошы выдаваўся Руска-ўкраінскі слоўнік (Львоў, 1893-1898), ён дапамагаў часопісу «Киевская старина», даючы прэмію (1 000 руб.) за лепшую пісьмовую гісторыю Украіны і выплочваючы ганарары за ўкраінскія пісьменніцкія творы, надрукаваныя ў «Киевской старине»; арганізаваў пры Навуковым таварыстве імя Шаўчэнкі ў Львове фонд, каб дапамагчы ўкраінскім пісьменнікам, фундаваў штотыднёвік Рэвалюцыйна-ўкраінскай партыі «Селянін» у Львове, стаў галоўным заснавальнікам «Акадэмічнага дому» ў Львове (25 000 рублёў), заахвочваючы прыдняпроўскую моладзь ехаць вучыцца ў Львоў.
Быў актыўным членам Старой грамады (з 1900 года), Усеагульнай украінскай беспартыйнай дэмакратычнай арганізацыі, Украінскай дэмакратычнай партыі (з 1904 года), Украінскай дэмакратычнай радыкальнай партыі (з 1905 года); У 1908 годзе быў ініцыятарам заснавання Таварыства ўкраінскіх прагрэсістаў і яго фактычным старшынёю. Распаўсюджанню нацыянальнай свядомасці найбольш паспрыяла заснаванне ім адзіных на Падняпроўі ўкраінскіх штодзённых газет «Грамадская думка» (1906) і «Рада» (1906—1914).
Падчас Першай сусветнай вайны хаваўся ад пераследу ў Фінляндыі, Петраградзе, Маскве; з пачаткам рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Кіеў. Менавіта Чыкаленка стаў ініцыятарам склікання Украінскай Цэнтральнай Рады. Ён таксама заклікаў Міхаіла Грушэўскага вярнуцца з Масквы і ўзначаліць гэты орган. Пры гэтым ён не ўдзельнічаў у палітычнай дзейнасці.
У студзені 1919 года выехаў у Галічыну, дзе пазней быў інтэрнаваны палякамі. З 1920 года знаходзіўся ў Аўстрыі. У эміграцыі жыў вельмі бедна. Украінская газета «Свабода» ў ЗША нават абвясціла збор сродкаў на яго лячэнне. З 1925 годзе ўзначальваў тэрміналагічную камісію ва Украінскай эканамічнай акадэміі. Памёр 20 чэрвеня 1929 года у горадзе Подзебрадах ў Чэхаславакіі.
Свой вопыт у сельскай гаспадарцы ён апісаў у брашуры «Гутарка аб сельскай гаспадарцы» (1897). У форме гутаркі з селянінам расказваецца пра дзейсныя метады аграноміі. Ён пісаў сваю брашуру на ўкраінскай мове, а потым пяць гадоў дамагаўся яе выдання з дазволу, падпісанага самім міністрам унутраных спраў Расіі, паколькі ўкраінская мова тады была забароненая. Аўтар «Успамінаў» (Львоў, 1925—1926) і «Дзённіка 1917—1919» (Львоў, 1931), якія даюць багаты матэрыял па гісторыі ўкраінскага нацыянальнага руху канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў.
- ↑ а б Archiv hl. m. Prahy, Matrika zemřelých české pravoslavné církve u sv. Mikuláše, sign. ČPRAV Z2, s. 105 — Т. ČPRAV Z2. — С. 105.